IMG 0064-1

 

     29 лістапада цэнтральная гарадская бібліятэка імя Максіма Горкага запрасіла навучэнцаў 9-га класа ДУА «Сярэдняя школа №3 г. Віцебска» на літаратурную вечарыну «Сыны і пасынкі Беларусі: гісторык Вацлаў Ластоўскі».

       Школьнікі пазнаёміліся з дзейнасцю чалавека трагічнага лёсу, вялікай культуры і энцыклапедычных ведаў, які быў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, прэм'ер-міністрам БНР, даследчыкам гісторыі і культуры Беларусі. Вацлаў Ластоўскі з'яўляецца аўтарам «Падручнага расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка», «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі», твора «Кароткая гісторыя Беларусі» - першай папулярнай гісторыі Беларусі, напісанай беларусам і для беларусаў. Падлеткі даведаліся, што таленавіты пісьменнік, публіцыст, літаратуразнавец, грамадска-палітычны дзеяч, філолаг, адзін з ініцыятараў беларускага культурнага адраджэння пачатку XX стагоддзя, негледзячы на пачатковую чатырохгадовую адукацыю, быў членам-карэспандэнтам Украінскай акадэміі грамадазнаўства ў Празе і акадэмікам Акадэміі навук Беларусі. Навучэнцы з цікавасцю паслухалі вершы і апавяданне Вацлава Ластоўскага.