1-1

   21 лютага цэнтральная гарадская бібліятэка імя М.Горкага запрасіла навучэнцаў ВДПТК машынабудавання на дванаццатую агульнанацыянальную дыктоўку «Беларуская – самая мая!». Сустрэча, прысвечаная Міжнароднаму дню родных моў, – нагода задумацца пра лёс і будучыню той, якую мы завём нацыянальнай і матчынай. 

      Прысутныя даведаліся аб гісторыі Дня родных моў, аб традыцыі пісаць у гэты дзень дыктоўкі, пачулі вершы на беларускай мове, паглядзелі інтэрв'ю са звычайнымі людзьмі, якія шукалі адказ на пытанне, чаму ў Беларусі не размаўляюць па-беларуску.   

4

7

     Тэкст дыктоўкі агучыў ганаровы госць – мастак, дызайнер, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская. Святлана Аляксандраўна расказала, як у яе нарадзілася жаданне размаўляць на беларускай мове, звярнула ўвагу на яе мілагучнасць і непаўторнасць, на трапныя беларускія слоўцы, якім нават нельга падабраць эквівалент. Родная мова, заўважыла Святлана Аляксандраўна, увабрала ў сабе своеасаблівасць нашых мястэчак: адметнасці ландшафту, шолах лістоты, шэпт лесу – і ўсё гэта блізка нам генетычна. Святлана Баранкоўская звярнула ўвагу дзяўчат на тое, што калі чалавек размаўляе на сваёй роднай беларускай мове то, па-першае – гэта прыгожа, а па-другое - выклікае цікавасць і павагу.
    Навучэнцы правяралі веданне роднай мовы па твору "Роднае слова" Анатоля Крывіцкага. Арыгінал тэксту для праверкі выкладзены пад фотаздымкамі.

 

9

10

12

11

Тэкст дыктоўкі.
Роднае слова... Яно ўваходзіць у наша жыццё з вуснаў маці яшчэ ў маленстве. У ціхім журчанні матчыных песень-калыханак, у яе пяшчотных ласках мы пачынаем улоўліваць яго своеасаблівыя формы і гучанне.
Потым, у бесклапотным дзяцінстве, яно ўводзіць нас у дзівосны навакольны свет. Як чароўны ключ, адкрывае нам роднае слова разнастайныя цуды і таямніцы жыцця, уносіць нас у прывабную і захапляючую далячынь падзей у бабульчыных казках і легендах.
Затым у школе мы сустракаемся з ім на старонках кніг. За бясконцымі шарэнгамі родных слоў у кнігах перад нашым зрокам праходзіць уся зямля, яе разнастайная прырода, яе шматвяковая гісторыя.
Пасля мы забіраемся ў бяздонныя глыбіні гэтага мора слоў, адкрываючы там найбагацэйшыя скарбніцы думак нашага народа, яго культуру.
Незвычайнае хараство і зладжанасць чуецца нам у гучанні роднага слова. Яно то ласкавае і пяшчотнае, як подых летняга ветру, то шырокае і плаўнае, як далячынь палёў і азёрныя блакіты, то звонкае і пералівістае, як празрыстыя крыніцы і песні птушак, то суровае і грознае, як навальнічныя хмары.


Паводле А.Крывіцкага