Калі краіна ўшаноўвае
сваіх вялікіх песняроў,
Яна і памяць умацоўвае,
Яна і праўду ўратоўвае
І справядлівасць для вякоў!
Давід Сімановіч.
19 чэрвеня 2014 года споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, франтавіка, ураджэнца Віцебшчыны Васіля Быкава (1924 – 2003).
"У вянок Васілю Быкаву" - такая назва аб'яднала юбілейныя мерапрыемствы, якія адбыліся 19 чэрвеня ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя М.Горкага. На працягу дня наведвальнікі мелі магчымасць пагартаць старонкі кніг Васіля Быкава, прыняць удзел ў прэзентацыі юбілейнага бібліяграфічнага нарыса "Служыць праўдзе і чалавеку", праглядзе і абмеркаванні кінастужкі Сяргея Лазніцы "У тумане" паводле аповесці Васіля Быкава. Цэнтральнай падзеяй дня стала вечарына-партрэт "Васіль Быкаў - вялікае сэрца народа" з удзелам памочніка рэжысёра Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа С.М. Дашкевіч і старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" І.А. Навумчыка.